Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне ў гэтым годзе пройдзе з
9 па 22 красавіка. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення
прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў на пасяджэнні
грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі, якое прайшло ў
Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне ў 2024 годзе пройдзе з
9 па 22 красавіка. Змяненне тэрмінаў рэгістрацыі абумоўлена
правядзеннем з гэтага года цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага
тэсціравання ў адзіныя тэрміны для ўсіх выпускнікоў бягучага і мінулых
гадоў. Так, 27 мая пройдзе ЦЭ (ЦТ для выпускнікоў мінулых гадоў) па
прадмеце на выбар, 30 мая адбудзецца ЦЭ (ЦТ для выпускнікоў мінулых
гадоў) па беларускай або рускай мове, 3 чэрвеня пройдзе ЦТ па прадмеце
на выбар для ўсіх выпускнікоў бягучага і мінулых гадоў. Правядзенне
цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання ў адзіныя
тэрміны дазволіць стварыць роўныя ўмовы для абітурыентаў, якія здаюць ЦЭ
і ЦТ", - адзначыў Сяргей Пішчоў.
Пасяджэнне грамадска-кансультатыўнага савета прайшло пад
старшынствам кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі. Асноўнымі пытаннямі парадку
дня сталі змяненні ў правілах прыёму абітурыентаў для атрымання вышэйшай
і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама пабудова комплекснай сістэмы
падрыхтоўкі інжынерных кадраў у сістэме "Школа - універсітэт". Перад
пачаткам пасяджэння ўдзельнікі савета азнаёміліся з
матэрыяльна-тэхнічнай базай Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, наведалі
вучэбныя лабараторыі, дзе пагутарылі з таленавітай моладдзю і
педагогамі адукацыйных напрамкаў тэхнапарка.