25 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны парк "Белавежская пушча" ў 2023 годзе наведалі каля 521 тыс. турыстаў,
паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела турызму, маркетынгу і рэкламы нацпарка Аксана Багалейша.
Турыстычны
паток у параўнанні з 2022 годам вырас на 6 працэнтаў. У тым ліку ў
пушчы прынялі больш як на трэць больш іншаземцаў - 74 тыс. Адначасова з
культурна-масавым турызмам актыўна развіваўся экалагічны,
арганізоўваліся экскурсіі ў дзікую прыроду, сафары-туры.
"Усе
напрамкі турызму развіваюцца раўнамерна, у залежнасці ад сезона
некаторыя з іх больш папулярныя. У цёплую пару года найбольш
запатрабаваны веламашруты, зімой - маёнтак Дзеда Мароза", - звярнула
ўвагу Аксана Багалейша. Дарэчы, у мінулым годзе казачная сядзіба стала
эпіцэнтрам гулянняў. У нацыянальным парку маштабна адзначылі 20-годдзе
маёнтка Дзеда Мароза. За гэтыя гады ў яго ў гасцях пабывала больш за 2,1
млн чалавек.
Паралельна ў нацыянальным парку займаліся
добраўпарадкаваннем і рэканструкцыяй турыстычных аб'ектаў, месцаў
адпачынку. Работы прадоўжацца і ў гэтым годзе.
"Падрыхтаваны
каляндар турыстычных падзей на 2024 год. Штомесяц у нас ёсць
мерапрыемствы, якія будуць цікавыя турыстам, - расказала Аксана
Багалейша. - Праводзіны Снягурачкі ў бягучым годзе запланаваны на 17
лютага ў маёнтку Дзеда Мароза. Раней аб'ядноўвалі гэту падзею з
масленічнымі мерапрыемствамі. У гэтым годзе вырашылі зрабіць Масленіцу
16 сакавіка ў Археалагічным музеі пад адкрытым небам. Такое ноу-хау
будзе. Турыстам падабаецца адкрыццё веласезона, якое запланавана на
красавік".
Запланаваны тэматычныя экскурсіі, фестываль
самадзейнай творчасці, Купалле, свята варэння, дзень жывой археалогіі і
іншыя мерапрыемствы.